Альчыда Дэ Гаспары ніколі не размаўляў у прысутнасці сваіх дзяцей аб Мусаліні. Ён, з-за супрацьстаяння італьянскаму дыктатару правёў некалькі год у турме, быў вымушаны працаваць на сціплай працы далёка ад сваёй сям’і, цярпеў пераследы і прыніжэнні. Але жонка Дэ Гаспары ўзгадвае, што Альчыда ніколі не дазваляў сябе, каб нянавісць і прага помсты панавалі над ім і галоўнае не пасяліліся ў асяродзі блізкіх яму людзей. Палітык абмяркоўваў справы, што тычыліся жыцця краіны ў складаны гістарычны перыяд, толькі калі дзеці спалі ці знаходзіліся ў іншым месцы. Ён заўсёды клапаціўся, каб ў доме панаваў супакой і радасная атмасфера, якая так неабходна для развіцця кожнай асобы.
У гэтым кантэксце хачу прыгадаць старажытную грэцкую легенду. Вялікую небяспеку для антычных герояў уяўлялі гаргоны – жудасныя пачвары, якія праз адзін позірк на іх злавешчыя твары пераўтваралі чалавека ў каменне. Галоўнай зброяй гаргон была менавіта злоба, якая перадавалася праз позірк. Дастаткова было аднаго погляду і поўны сіл волат застываў на месцы і як паралізаваны губляў здольнасць супрацьстаяць нападу. Пасля гэтага ён канешне станавіўся лёгкай здабычай. Менавіта таму, падчас бітвы з Гаргонай Мядузай Пярсей не глядзеў на твар пачвары. Пярсей глядзеў на адлюстраванне на ўласным шчыце, бо яму дастаткова было ведаць з якога боку яна стаіць. Яму не было патрэбы разглядаць крыніцу зла, даследваць яе сутнасць, аб якой ён ужо дастаткова добра ведаў. Аўтар старажытнага апавядання аднак адзначае, што спакуса паглядзець на Мядузу была вельмі вялікая. Герою для перамогі неабходна было зрабіць бар’ер паміж сабой і ворагам: яму неабходна было захоўваць канцэнтрацыю і не дазволіць злобе ворага пераўтварыць сябе ў камень. Адзіным магчымым спосабам для гэтага было ўстрымацца ад позірка. Толькі ў такім выпадку Пярсей стаў здольным перамагчы.
Старажытныя казанні пісаліся не толькі для забавы, але заўсёды мелі ў сабе глыбокі выхаваўчы сэнс. Яшчэ антычныя мудрацы заўважылі, што злоба і нянавісць маюць дэструктыўнае значэнне. Чалавек ахоплены злобай губляе цвярозы розум, здольнасць да ўраўнаважаных дзеянняў і галоўнае становіцца нібыта паралізаваным і залежным ад дзеяў праціўніка. У ім узнікае спакуса глядзець на злое, слухаць аб ім, абмяркоўваць. Акрамя таго развіваецца дэструктыўнае пачуццё помсты, якое разбурае усё лепшае і не дае магчымасці расці. Калі ў сям’і распаўсюджваецца злоба і агрэсія, ад гэтага пакутуюць блізкія адзін аднаму людзі. Часта дзеці пачынаюць не паспяваць у школе, набываюць комплексы, становяцца закрытымі і развіваюцца павольней чым іншыя аднагодкі. Калі зло ахоплівае калектыў, гэта таксама шкодзіць агульнай працы. Недарэмна ўсе вядучыя кампаніі клапоцяцца аб здаровым клімаце на прадпрыемствах. Калі зло распаўсюджваюцца ў грамадстве, гэта спыняе таксама і яго развіццё. Замест духа салідарнасці і братэрства, яно выклікае падзелы, эгаістычныя жаданні і прагу помсты. Зло можа забіць дух любові і крэатыўнасці, які так неабходны для жыцця супольнасці. Таму не будзем адказваць злом на зло! Не будзем пераказваць зло нашым блізкім! Ёсць шмат прыгожых і каштоўных рэчаў, якія больш вартыя нашай увагі. Будзем вернымі нашым каштоўнасцям і духу праўды, салідарнасці і любові да бліжняга і да ворага.
Пакінуць каментар